НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1672—1877 у г. Нясвіж. Засн. падчашым смаленскім Б.​Баканоўскім і кн. М.​К.​Радзівілам, які, верагодна, выдзеліў месца для пабудовы кляштара. У 1680 асвячоны мураваны 3-нефавы, з 2-вежавым фасадам касцёл Яна Хрысціцеля. Яго скляпенні і сцены былі размаляваны мастаком Ю.​К.​Гескім (гл. Гескія). У алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцавай, які лічыўся цудатворным. Да касцёла прымыкаў 2-павярховы мураваны корпус кляштара. Пасля закрыцця ў 1773 Нясвіжскага езуіцкага калегіума дамініканцы ўтрымлівалі пры сваім кляштары гімназічныя школы, пазней павятовыя (зачынены ў 1835). У 1877 скасаваны, касцёл перабудаваны ў правасл. храм. Будынкі кляштара не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)